Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Афиша
«Цары» на Капыльшчыне і баль у Старых Дарогах. Афіша Міншчыны

Наведаць абрад абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёну і памерацца ў спрыце на турніры ў Крупках. Што яшчэ паглядзець і ў чым паўдзельнічаць на Міншчыне.

Капыльскі раён

Элементы карнавалу і народнай драмы аб’ядноўвае абрад «Калядныя цары». Правядуць яго 13 студзеня ў вёсцы Семежава. 10 год таму абрад быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Гісторыя «Цароў» вядзе пачатак з XVIII стагоддзя, калі недалёка ад Семежава стаялі часці царскай арміі. Як сведчыць гісторыя, у дні святкавання Новага года салдаты і афіцэры хадзілі па дварах з вясёлым дзействам, за што гаспадары адорвалі іх пачастункамі. Мясцовыя жыхары захавалі традыцыю. Маладыя мужчыны і юнакі — «цары» — апранаюцца ў белыя штаны і кашулі, на грудзях крыж-накрыж павязваюць чырвоныя семежаўскія паясы з традыцыйным арнаментам. На галаве ў іх высокія шапкі, упрыгожаныя рознакаляровымі стужкамі. Шумная святочная працэсія накіруецца ў адзін з дамоў, дзе яе ўдзельнікі разыграюць гісторыка-рэлігійную драму «Цар Максімілян» з батальнымі сцэнамі, сакрэтамі народнай медыцыны.

Салігорскі раён

У ноч з 13 на 14 студзеня ў вёсках Восава і Рог адбудзецца архаічны віншавальны абрад «Шчадрэц». Захавалі і перадаюць яго нашчадкам удзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага Дома культуры. Шчадруюць з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў. Найбольш унікальныя з іх — «дзед» у берасцяной масцы, аналагаў якой няма на Беларусі. Маску робяць з суцэльнага кавалка бяросты, у якім выразаюць адтуліны для вачэй і рота. Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад, не мінаючы ніводнай хаты. Віншавальныя напевы выконваюцца ў выгуковай манеры: раскрываецца своеасаблівасць гаворак паўночных тэрыторый беларускага Палесся. Падчас каляднай дзеі ў хаце таньчаць «Лявоніху» і «Барыню».

Крупскі раён

Адчуць камандны дух, памерацца ў спрыце запрашае дзяцей і бацькоў спартыўны дабрачынны турнір «Каляд чароўныя імгненні». Свята хуткіх і моцных арганізоўваецца прыходам храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца па ініцыятыве настаяцеля, протаіерэя Мікалая Гміра. Спартыўныя спаборніцтвы стартуюць 12 студзеня а дзясятай раніцы ў Крупскім гарадскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Удзельнікаў чакаюць прызы і салодкі стол. Пасля турніру адбудзецца калядны спектакль тэатра лялек «Батлейка».

Вілейскі раён

Тут i далей фота iлюстратыўнае

На цэнтральнай плошчы Вілейкі ў 12:00 11 студзеня адбудзецца ўрачыстае закрыццё галоўнай рэзідэнцыі Усевілейскага Дзеда Мароза і Снягуркі. У праграме «Прывітанне, стары Новы год!» — конкурсы, карагоды, пачастункі і сюрпрызы.

Палац культуры 12 студзеня запрашае ў 18:00 жыхароў раёна на дабрачынны канцэрт «Святло Раства Хрыстова». Мерапрыемства арганізавана дзякуючы супрацоўніцтву цэнтра эстэтычнага выхавання з царкоўнай акругай. Сёлета яно пройдзе ў дзясяты раз. Традыцыйна ў ім удзельнічаюць калектывы ўстаноў культуры і адукацыі, духавенства.

Ёлачныя цацкі мінулых год, а таксама ёлкі, выкананыя ў розных тэхніках, можна ўбачыць да 13 студзеня ў краязнаўчым музеі. Выстава незвычайная — з элементамі квесту, кожны ўдзельнік якога атрымлівае падарунак. У экспазіцыі не толькі прадметы з фондаў, але і работы вілейчан.

Старадарожскі раён

Калядны баль пяты раз пройдзе ў Старых Дарогах. 11 студзеня яго ўдзельнікі збяруцца ў маладзёжным цэнтры «Юнацтва». Вальс, паланэз і іншыя бальныя танцы выканаюць 22 пары старшакласнікаў, а таксама 10 пар школьнікаў 10–12 год. Чакаецца, што свята збярэ больш за сто ўдзельнікаў і гледачоў. Адкрые мерапрыемства ўрачысты спеў царкоўнага хору пры старадарожскай Свята-Мікалаеўскай царкве. Настаяцель прыхода храма, айцец Уладзімір Старчак стаў ініцыятарам правядзення каляднага балю ў раёне — з яго лёгкай рукі традыцыя прыжылася.

Лагойскі раён

Выстава-кірмаш «Зімовыя россыпы» адкрыта ў мастацкай галерэі С. Ф. Давідовіча. Да 14 студзеня тут можна набыць сувенірную прадукцыю майстроў клуба «Скарб зямлі лагойскай» — вырабы з лазы, гліны, дрэва, тэкстылю і іншых матэрыялаў.

Жодзіна

На вечарынку «Танцуюць усе» запрашае 10 студзеня ў 19:30 гарадскі Палац культуры. Арганізатары прапануюць адпачыць пасля працоўнага тыдня і фізічна, і эмацыянальна. Узроставае абмежаванне — 30+.

Маладзечанскі раён

80-годдзе адзначае Маладзечанскі РАУС. Гэтай падзеі прысвечана свята «Наша служба и опасна и трудна», што пройдзе 17 студзеня ў гарадскім Палацы культуры.

Алена Пашкевіч

Фота: Святлана Курэйчык,  БЕЛТА, sb.by

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте