Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
«Беларускія карцінкі» выконвалі ў Любані юныя піяністы з усёй краіны

Днямі ў Любанскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў адкрыты фестываль-конкурс юных піяністаў «Беларускія карцінкі — 2020». Удзельнікамі сталі каля чатырох дзясяткаў маладых салістаў, а таксама некалькі ансамбляў з Любані, Салігорска, Смалявічаў, Дзяржынска, Крупіцы, Жодзіна, Мазыра і нават з самой сталіцы.

— Усё пачалося з таго, што дзесьці ў 2010-м да нас завітала дэлегацыя студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, — расказвае дырэктар Любанскай дзіцячай школы мастацтваў Васіль Стэльмах. — Яны, пазнаёміўшыся з нашай выдатнай базай, параілі арганізоўваць мерапрыемствы накшталт сённяшняга. Ідэя нам спадабалася. Вось мы і прыдумалі фестываль-конкурс. А каб прыцягнуць да творчага спаборніцтва больш удзельнікаў, зрабілі яго адкрытым.

Мы стаім пад дзвярамі ў прасторную, з шыкоўнай акустыкай глядацкую залу школы і прыслухоўваемся да ігры чарговага канкурсанта: заходзіць унутр падчас выступлення забаронена. У шчыліну даносяцца гукі фартэпіяна: не трэба быць спецыялістам, каб зразумець — інструмент класны.

— Чаму назвалі «Беларускія карцінкі»? — перапытвае Васіль Рыгоравіч. — Ды ўсё проста: адна з п’ес, якія выконваюць дзеці, абавязкова павінна быць беларускага аўтара. Фестываль праводзіцца раз у два гады. Гэты па ліку ўжо чацвёрты. У фінансаванні нам не адмаўляюць, таму ёсць сродкі і каб годна прыняць юных музыкантаў, і прызы добрыя падрыхтаваць. Ну, і журы падбіраем вельмі аўтарытэтнае: сёлета яго, дапусцім, узначальвае Наталля Котава — адна з вядучых салістак Беларускай дзяржаўнай філармоніі, зорка, лічы, сусветнага маштабу.

Фестываль-конкурс стаў своеасаблівым магнітам, які прыцягвае ў родныя мясціны знакамітых землякоў. Напрыклад, Таісію Каралёву — кандыдата педагагічных навук, дацэнта, прафесара кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Таісія Паўлаўна нарадзілася ў Любані (яе бацькі настаўнічалі тут), паступіла ў мясцовую музычную школу на другі год пасля яе адкрыцця. Асвойвала ігру на фартэпіяна.

Таісія Каралёва падчас сустрэчы з выкладчыкамі Любанскай дзіцячай школы мастацтваў

Таленавітую дзяўчыну, як кажуць, без праблем залічылі ў Маладзечанскае музычнае вучылішча, скончыла яго паспяхова. Пасля быў музычна-педагагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага (так тады называўся педуніверсітэт). Пачала працаваць у гэтай ВНУ з 1978 года. Адвучылася ў аспірантуры, абараніла кандыдацкую дысертацыю. І занялася выкладчыцкай дзейнасцю. Дарэчы, надзвычай плённа.

У сваім актыве Таісія Каралёва мае больш за сто дваццаць навуковых публікацый, пад яе кіраўніцтвам абаронены дзве кандыдацкія, сямнаццаць магістарскіх дысертацый, мноства курсавых і дыпломных праектаў. У 2002-м яе студэнтка Марына Пікунова стала лаўрэатам суперпрэстыжнага міжнароднага конкурсу імя Дзмітрыя Кабалеўскага «Настаўнік музыкі ХХІ стагоддзя».

Таісія Паўлаўна — прызнаны аўтарытэт у айчынным мастацтве — сустрэлася з выкладчыкамі школы, падзялілася ўспамінамі пра дзяцінства  ў Любані. Яна вельмі ўважліва слухала выступленні канкурсантаў. Хто ведае: можа, не адзін з іх стане яе студэнтам.

Другім  выканаўцам «Беларускіх карцінак» стаў піяніст Арцём Шаплыка. Ён яшчэ даволі юны, але ўжо знакаміты. З’яўляецца ўладальнікам Гран-пры і першых прэмій самых прэстыжных міжнародных конкурсаў. Хлопец заснаваў у сталіцы першую ў рэспубліцы прыватную музычную школу. Школу з унікальнай сістэмай навучання і магчымасцю свабоднага выбару вучэбных дысцыплін: можна паглыблена займацца на адным інструменце або вывучыцца на мультыінструменталіста.

Тут трэба ўдакладніць: нарадзіўся Арцём у Салігорску, скончыў там музычную школу па класу фартэпіяна. Але, як сцвярджае Васіль Каткавец — мясцовы энтузіяст культуры, які актыўна падтрымлівае сувязі ледзь ці не з усімі вядомымі землякамі, усё дзяцінства і юнацтва хлопец правёў на Любаншчыне (так, прозвішча Шаплыка — тутэйшае, асабліва іх шмат у прыгараднай вёсцы Сарачы: там Шаплыка амаль кожны трэці жыхар).

Пасля былі Рэспубліканскі музычны каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сама акадэмія, магістратура. Зараз Арцём, акрамя ўсяго іншага, саліст Белдзяржфілармоніі і выкладчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна БДАМ. Вядзе актыўную канцэртную (неаднаразова выступаў і ў Любані) і гастрольную дзейнасць. На фестывалі-конкурсе таленавіты піяніст уваходзіў у склад журы.

А яго юныя калегі стараліся. Здзіўлялі і цудоўным валоданнем інструментам, і іскрамётным выкананнем складаных п’ес (гэта вам не «Коніка» на пяці клавішах трынькаць!). А ўвогуле тут хапала ўсяго: і хвалявання (усё ж такі майстэрства канкурсантаў ацэньвалі прафесіяналы, ды і публікі ў зале багата), і радасці перамогі, і – не без гэтага – засмучэння… Панавала неверагодна цёплая і добразычлівая атмасфера.

— На маю думку, падобных фестываляў-конкурсаў ніколі не бывае шмат, — гаворыць на развітанне Васіль Стэльмах. — Па-першае, гэта для дзятвы заўсёды магчымасць пагутарыць са знакамітасцямі на роўных, атрымаць нейкія парады. Па-другое, такія мерапрыемствы даюць юным музыкантам не толькі багаты выканальніцкі досвед, але і досвед жыццёвы. А ён, даруйце за каламбур, у жыцці заўсёды спатрэбіцца.

Сяргей Квіткевіч

Фота аўтара

5 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте