Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
У Смалявічах адзначылі абласны Дзень роднай мовы

Прыхільнікі беларускай мовы, сярод якіх удзельнікі літаратурна-песенных і чытацкіх конкурсаў, сакратары раённых камітэтаў БРСМ, школьнікі — усе, хто з павагай і пашанай ставіцца да нацыянальнай культуры і спадчыны, — прыехалі ў Смалявічы на абласное свята «Дзень роднай мовы».

— Пішам з чырвонага радка, з вялікай літары… — калі пачула гэтыя словы, міжволі страпянулася: «Няўжо зноў школа?».

Першы сакратар Мінскага абкама БРСМ Кірыл Шык патлумачыў:

— Калі прыехалі на Дзень роднай мовы, трэба праверыць вашы веды: напішам невялікую дыктоўку. Заданне нескладанае, так што не хвалюйцеся. Мы выбралі публіцыстычны твор Янкі Купалы «Ці маем мы права выракацца роднай мовы». Напісаны ён быў у 1914 годзе.

Удзельнікам свята раздалі аркушы — і дыктоўка пачалася. Супакоеная Кірылам Шыкам, я таксама вырашыла праверыць веданне роднай мовы. Шчыра кажучы, некалькі памылак усё ж зрабіла: як-ніяк, школу больш за дзесяць год таму скончыла. А вось сярод «вучняў» знайшліся і тыя, хто напісаў дыктоўку на выдатна. Сярод іх — выконваючы абавязкі першага сакратара Крупскага райкама БРСМ Алена Дубава:

— Люблю сваю краіну і люблю мову, — кажа дзяўчына. — Мова не толькі самая прыгожая, але і багатая. Калі ў літаратурнай налічваецца каля 500 тысяч слоў, дык у дыялектнай — дзесьці два мільёны!

Першы сакратар Слуцкага райкама БРСМ Кацярына Барысевіч беларускую мову чула з дзяцінства — у сям’і ўсе на ёй размаўлялі. А вось сапраўдная любоў да матчынага слова ёй перадалася ад настаўніцы. Кацярына ўдзельнічала ў алімпіядах, а пазней і сама стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

— У нас дзве дзяржаўныя мовы, але ж мы — беларусы, і для мяне асноўная мова менавіта беларуская, — кажа першы сакратар. — Мы свядома яе папулярызуем, пэўны час пісалі навіны і посты, звязаныя з дзейнасцю маладзёжнай арганізацыі, толькі па-беларуску.

Дарэчы, адзнак за пісьмовы іспыт на гэты раз нікому не ставілі: як патлумачыў Кірыл Шык, сэнс дыктоўкі не ў тым, каб праверыць свае веды, а каб яшчэ раз усвядоміць, што мы — беларусы і павінны ганарыцца гэтым.

— Я штодзённа размаўляю па-беларуску з дзецьмі, бацькамі, калегамі — і яны падтрымліваюць мяне ў гэтым. Нам пашчасціла, што ў нас ёсць не толькі дзяржава, але і мова. Таму мы вельмі багатая і шчаслівая нацыя.

Мілагучная, сакавітая, цёплая беларуская мова… Тое ж самае можна сказаць і пра абласное свята. Панаваў пазітыўны настрой, выступалі ўдзельнікі конкурсаў на найлепшае выкананне вершаў і песень.

Сяргей Макей, падпалкоўнік запасу, свята прапусціць не мог.

— Працую ў 223-м цэнтры авіяцыйнай медыцыны Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі, а яшчэ я аўтар-выканаўца, і мой асноўны кірунак — вайсковыя песні на беларускай мове, — патлумачыў Сяргей Макей. — У пачатку 90-х я быў камандзірам роты, паўстала пытанне — трэба нешта спяваць у страі. І калі мы — беларусы, дык і песні павінны быць беларускія. Такіх я не знайшоў — вырашыў напісаць сам. Атрымалася, я стварыў некалькі песень для роты. Пазней да мяне звярнуліся сябры — камандзіры іншых батальёнаў, каб і для іх напісаў песні. Сёння ў маім рэпертуары іх недзе 10. Дарэчы, самая першая з напісаных была выканана 3 ліпеня 2019 года на парадзе з нагоды Дня Незалежнасці.

На пытанне, чаму ўсе песні на беларускай мове, Сяргей Макей толькі здзівіўся:

— А на якой жа яшчэ? Я — беларус і павінен размаўляць на сваёй мове. Дарэчы, у школе родную мову не вывучаў, затое ў вайсковым вучылішчы гэты прабел ліквідаваў. Спецыяльна выпісваў беларускамоўныя газеты.

Затым удзельнікам свята прапанавалі адказаць на некалькі пытанняў кшталту «З якой камандай гуляла БАТЭ 2 кастрычніка 2012 года?». У барацьбу-гульню «Мая радзіма — Беларусь», што прайшла ў фармаце паб-квіза, уступілі 8 аб’яднаных каманд, па 6—8 чалавек у кожнай. Вядучы — галоўны спецыяліст абкама БРСМ Вячаслаў Клімковіч не шкадаваў — сыпаў пытаннямі, як з рога. Далёка не ўсе каманды ведалі адказы…

Першае месца занялі «Зубры» (удзельнікі з Бярэзінскага, Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў).

На другім месцы — «Кропка» (Стаўбцоўскі, Нясвіжскі, Валожынскі і Любанскі раёны).

Трэцімі сталі «Светлякі» (Уздзенскі, Смалявіцкі, Мінскі і Любанскі раёны).

Пераможцы атрымалі зборнікі твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.

— Спецыяльна не рыхтаваўся, проста выдатна ведаю родную мову і гісторыю сваёй краіны, — кажа Алег Якушаў, педагог-арганізатар Мар’інагорскай гімназіі, валанцёр саюза моладзі, удзельнік каманды-пераможцы. — Беларуская мова — гэта крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці, светапогляду. Я ўпэўнены, што родная мова злучае нас з папярэднімі пакаленнямі, іх духоўнымі набыткамі, з’яўляецца падмуркам этнічнай і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Скончылася абласное свята роднай мовы праглядам кінастужкі «Адзін дома» па-беларуску.

Галіна Наркевіч

Фота: Святлана Курэйчык

 

Также на МЛЫН.BY

 

Абласное свята роднай мовы ў Смалявічах у фотаздымках

Да суседа ў госці, Або небясспрэчныя развагі ў Дзень роднай мовы

7 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте