Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Як даследчык-энтузіяст Канстанцін Нашчынец запаўняе белыя плямы ў гісторыі Стоўбцаў

Ці ведалі вы, што Стоўбцы маглі стаць сталіцай Беларусі? Або што тут карані трэцяга прэзідэнта Ізраіля Залмана Шазара і паэта Самуіла Маршака? І што азначае папулярная ў мясцовых прымаўка: «Мужык — у «Колас», баба — уголас»? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ведае.

У вольны час ён працуе з дакументамі ў архівах, удзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях і папаўняе адпаведнай інфармацыяй інтэрнэт-рэсурсы. Некалькі год запар у Стоўбцах разам з сябрамі арганізоўвае экскурсіі ў рамках штогадовага Фэсту экскурсаводаў, які праходзіць у красавіку. За гэты час краязнаўца ўпісаў шмат цікавых старонак у хроніку раёна.

 

— Канстанцін, вывучэнне гісторыі — не асноўны ваш занятак?

— Я скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ — магістр кіравання і эканомікі. Працаваў на мытні, потым — галоўным спецыялістам камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама, цяпер выкладаю ва ўніверсітэце імя Максіма Танка. Са школьных год мяне вабілі культура і гісторыя, усё, што «дыхае» сівой даўніной.

Асноўныя звесткі для свайго краязнаўчага «дасье» знаходжу ў старых выданнях ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя, прадстаўленых у лічбавым фармаце, у тым ліку з беларускіх, польскіх і расійскіх бібліятэк. Назбіраў нямала ўнікальнай інфармацыі з гутарак са старажыламі, выкарыстоўваю і класічны падыход — наведваю архівы, бібліятэкі.

— А што, сапраўды Стоўбцы маглі насіць тытул сталіцы?

— Васіль Іванавіч Шарапаў, беларускі дзяржаўны дзеяч, былы старшыня Мінгарвыканкама, у сваіх успамінах згадваў, што ў пасляваенныя гады з-за моцнай разбуранасці Мінска разглядалася пытанне аб пераносе сталіцы краіны ў іншае месца — спачатку была ідэя з Магілёвам, а потым прапаноўвалі Стоўбцы. Але ўрэшце ЦК партыі прыняў рашэнне аднаўляць сталіцу і зацвердзіў новы Генеральны план забудовы Мінска.

— Сёння светам правіць маркетынг, а як складваліся рыначныя адносіны на Прынямонні ў мінулыя стагоддзі?

— Колісь стаўбцоўская прыстань была буйным пунктам разгрузкі тавараў. Адсюль яны разыходзіліся «сухім» шляхам па Наваградскім, Слуцкім, Мінскім, Бабруйскім, Барысаўскім паветах. А падвозіліся грузы не толькі з Мінскай, але і з Віленскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губерняў. Аб’ём тавараў, якія вывозіліся водным шляхам, прыкладна ў тры разы перавышаў аб’ём тых, якія увозіліся, што сведчыць, карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй, пра экспартаарыентаванасць стаўбцоўскай прыстані. З далёкага Круляўца (сёння — Калінінград) у Стоўбцы дастаўляліся галандскі і шатландскі селядзец, чырвонае дрэва, англійскае піва, музычныя інструменты, шкляны посуд, шампанскае, ром, імбір, міндаль.

Помнік Леніну на плошчы ў Стоўбцах мае свой сакрэт. Мармуровы пастамент быў дастаўлены сюды з Новага Свержаня. На трывалым падмурку калісьці стаяў абеліск у гонар удзельнікаў вайны 1812 года, узведзены да 100-­годдзя гэтай гістарычнай падзеі. Частка памятнага надпісу захавалася на тыльным баку пастамента, астатнія літары былі старанна выразаны.

— Сярод тутэйшых бытуе жартаўлівая прымаўка: «Мужык — у «Колас», баба — уголас»…

— А справа тут такая. Цяперашняя плошча Леніна ў нашым горадзе раней называлася Гандлёвай, як, зрэшты, і ў многіх іншых населеных пунктах. Тут зараз знаходзіцца шмат розных устаноў, крамаў, а таксама рэстаран з элегантнай назвай «Прывал рыцара», які калісьці меў «музычную» шыльду — «Мелодыя». Тут жа размешчаны магазін «Кірмаш», які прыйшоў на змену былой краме «Колас» з «хлебнай» назвай.

— Раней у Стоўбцах, як і многіх іншых сучасных райцэнтрах, пражывала шмат яўрэяў…

— У дарэвалюцыйны час колькасць яўрэйскага насельніцтва складала тут каля 60%, у даваенныя гады — прыкладна 2,5 тысячы.

Найбольш вядомым прадстаўніком стаўбцоўскіх яўрэяў з’яўляецца трэці прэзідэнт Ізраіля Залман Шазар. У 1892 годзе яго сям’я пераехала сюды з пасёлка Мір. Тут маленькі Залман вучыўся ў хедэры і пражыў 11 гадоў.

Дагэтуль у неблагім стане захаваўся дом яўрэя Мірскага. У 1930-я гады на ўласныя грошы ён адкрыў на першым паверсе, як называлі яе мясцовыя жыхары, «гаварыльню», дзе знаходзіліся беларускамоўныя выданні, часопісы, а моладзь дэкламавала і чытала творы на роднай мове. Сёння ў гэтым памяшканні дзіцячы садок. Цікавая гісторыя звязана з домам яўрэяў Тунікаў, якія трымалі мясную краму, куды стаўбчане выпраўлялі па свежаніну дрэсіраваных сабачак са спецыяльнымі торбамі на спіне, у якіх ляжалі запіска-заказ і грошы. У краме, дзе прадавалі газіраваную ваду і піва «Шапэн», цяпер таксама ідзе гандаль, толькі з улікам сучаснага спажывецкага попыту. У колішнім фотаатэлье яўрэя Мільцэнзона зараз гандлёвая лаўка.

— Якія яшчэ белыя плямы ў гісторыі краю вам удалося запоўніць?

— Перадусім хацеў бы адзначыць, што адкрыццё малавядомых фактаў — заслуга многіх людзей, якія любяць гэты край. А іх вельмі шмат. Возьмем, напрыклад, спорт. Наш райцэнтр мае добрыя футбольныя традыцыі. У 1995 годзе тут праводзіўся матч чэмпіянату краіны паміж мінскім «Дынама» і салігорскім «Шахцёрам». Матч скончыўся на карысць дынамаўцаў з Мінска — 3:0, галамі адзначыліся сённяшнія зоркі футбола — будучы ігрок галандскіх, бельгійскіх і нямецкіх каманд Алег Пуціла, адзін з найбольш паспяховых будучых трэнераў Уладзімір Журавель, будучая легенда кіеўскага «Дынама» Валянцін Бялькевіч. Паводле ўспамінаў яшчэ аднаго іграка каманды Пятра Качура, на гэтым матчы прысутнічалі прадстаўнікі англійскай «Шэфілд Юнайтэд», якія прапанавалі яму пасля гульні далучыцца да іх каманды.

Яшчэ адзін малавядомы факт: у савецкага паэта Самуіла Маршака — стаўбцоўскія карані. Яго дзед, яўрэй Мардэхай, у ХІХ стагоддзі працаваў правізарам у стаўбцоўскай аптэцы.

Міжнародны цягнік ля стаўбцоўскага вакзала. Пачатак ХХ стагоддзя

Важна згадаць і адкрыццё ў горадзе чыгуначнага вакзала. Збудаваны ён у 1926 годзе ўсяго за 137 дзён — рэкордны па тым часе тэрмін, у стылі функцыяналізму. Некалі ў Стоўбцах спыняліся і праходзілі мытны кантроль многія вядомыя асобы: будучы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Энтані Ідэн, кубінскі шахматыст Хасэ Рауль Капабланка, пісьменнікі і паэты Барыс Пастарнак, Уладзімір Маякоўскі, Аляксей Талстой, Максім Горкі.

Аднойчы ў архіве Канстанцін наткнуўся на такую гісторыю. Выязджаючы на гастролі ў Заходнюю Беларусь, артысты філармоніі спецыяльна апрануліся вельмі бедна, каб там купіць модныя абноўкі. Гэтым сур’ёзна падмачылі рэпутацыю: публіка дзівілася, чаму артысты Савецкага Саюза так дрэнна апранаюцца.

— Вывучаючы мытную справу ва ўніверсітэце, вы не абмінулі гэтую тэму і ў сваёй краязнаўчай дзейнасці?

— Сапраўды, было прааналізавана шмат архіўных крыніц, матэрыялаў пра існаванне так званай брамы паміж Усходам і Захадам, якая складалася з Негарэлага і Стоўбцаў, дзе знаходзіліся адпаведна савецкая і польская мытні, а таксама Коласава, дзе праходзіла мяжа ў 1921–1939 гадах. Улады ўсімі сродкамі змагаліся з кантрабандай. На польска-савецкім памежжы існавалі тайныя, гаворачы сучаснай мовай, лагістычныя цэнтры. У 1935 годзе ўдалося знішчыць 12 буйных каналаў падпольнага гандлю. За год польскія мытнікі канфіскавалі тавараў амаль на 3,5 мільёна злотых. З беларускай тэрыторыі ў Польшчу ўсялякімі хітрыкамі нелегальныя гандляры стараліся пераправіць каштоўную пушніну, каракуль, золата, ікру, правозілі і жывы тавар. З суседняй краіны дастаўлялі дэфіцытную жаночую бялізну, тканіны, біжутэрыю, вырабы з каштоўных металаў, наркотыкі, спіртное і інш. Навар быў ашаламляльны, кілаграм сахарыну, напрыклад, у Заходняй Беларусі каштаваў 8 рублёў, а ў БССР яго можна было рэалізаваць за 60.

Рэкордны прыбытак прыносіла і гарэлка. Кемлівыя кантрабандысты ў бервяне рабілі паглыбленне, каб схаваць спіртное, закрывалі вечкам, і спускалі бервяно «з градусамі» на ваду. На другім беразе тавар ужо чакалі. Разнастайную кантрабанду спрабавалі схаваць пад падлогай у купэ чыгуначнага вагона, зашывалі ў адзенне, залатымі манетамі ўмела імітавалі звычайныя гузікі на паліто. Але часта цярпелі фіяска. Вопытныя мытнікі знайшлі аднойчы скрутак валюты, схаваны ў будзільніку…

Хацелася б знайсці больш часу, каб дэталёва даследаваць не вывучаныя яшчэ архіўныя крыніцы. Ёсць жаданне сістэматызаваць увесь сабраны матэрыял у выглядзе асобнай кнігі. Лічу, гэтая даследчыцкая праца была б каштоўная і для мясцовых жыхароў, і шматлікіх аматараў гісторыі.

Алена Пашкевіч

Фота з архіва Канстанціна Нашчынца

 

6 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте