Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Афиша
Грузінскае мастацтва ў Маладзечне і «Боінг-Боінг-Боінг» у Барысаве. Афіша Міншчыны

Наведаць парад еўрапейскіх дырыжораў у Старым Свержані, грузінскае сельскае мастацтва ў Маладзечне і самы папулярны ў свеце французскі спектакль на сцэне Барысава. Што яшчэ паглядзець і ў чым паўдзельнічаць на Міншчыне.

Маладзечанскі раён

Міжнародны фестываль мастацтваў «Вёска fest» збярэ ў Маладзечне гасцей з Расіі, Польшчы, Украіны, Малдовы і Грузіі. Мэта праекта — папулярызацыя розных напрамкаў мастацтва і абмен вопытам з калегамі. Фэст пройдзе ў вясковых традыцыях і будзе накіраваны на падтрымку сельскіх дамоў культуры, яго лейтматывам стане дзіцячая творчасць. Прадугледжаны намінацыі «Мастацкае слова», «Тэатральная творчасць», «Харэаграфія», «Тэатр моды», «Цыркавое мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» і «Вакал». У фестывальныя дні можна будзе пазнаёміцца з талентамі ўдзельнікаў, таксама і з сельскай кухняй, побытам замежных гасцей. «Вёска fest» адкрыецца 18 сакавіка і завяршыцца ў канцы месяца. Для гасцей арганізуюць экскурсіі па Мінску, Маладзечне і майстар-класы.

Стаўбцоўскі раён

Удзельнікі з розных краін з’едуцца на «Парад еўрапейскіх дырыжораў» у Старасвержанскі цэнтр культуры 14 сакавіка. Фэст пройдзе ў рамках 2-га міжнароднага форуму духавога мастацтва «Фанфары Наднямоння». У праграме — творы Вэрдзі, Чайкоўскага, Манюшкі, Шастаковіча, Дзюка Элінгтана, Жака Маралі і іншых кампазітараў. Пачатак імпрэзы — у 17:00.

Смалявіцкі раён

Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы прадэманструюць свае музычныя таленты 19 сакавіка ў Смалявічах на фінальным этапе абласнога агляду-конкурсу «Не старэюць душой ветэраны» — у вакальна-харавым, музычным, харэаграфічным, тэатральным і інструментальным мастацтве. Пераможцы фінальнага этапу прадставяць рэгіён на XV рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», які пройдзе ў маі ў Мінску.

Бярэзінскі раён

Гісторыю хусткавай мануфактуры можна прасачыць на выставе «Неўвядальная прыгажосць». Тут дэманструюцца ўзоры традыцыйных рускіх хустак мінулага стагоддзя з іх складанымі ўзорамі, навеянымі даўнейшымі традыцыйнымі матывамі. Экспазіцыя аформлена Бярэзінскай бібліятэкай і Народным клубам майстроў. Палюбавацца багаццем фарбаў старадаўняга галаўнога ўбору можна да 15 сакавіка ў раённым цэнтры рамёстваў.

Салігорскі раён

Маскоўскі незалежны тэатр прадставіць фантасмагорыю «Сабачае сэрца» па матывах аднайменнай аповесці Міхаіла Булгакава, якая стала апошняй работай народнага артыста Расіі Валерыя Залатухіна ў ролі акцёра і рэжысёра. Пастаноўка, прапанаваная Валерыем Залатухіным, значна адрозніваецца ад экранізаванай версіі, знятай у 1988 годзе на «Ленфільме». Прафесар Праабражэнскі паўстае ў крыху іншым вобразе. Напачатку вельмі стрыманы і трохі флегматычны, нібы яго і не раздражняюць нахабныя выхадкі Шарыкава, у гневе Праабражэнскі страшны і іранічны ў сваіх знакамітых маналогах. Галоўныя ролі выконваюць Мікаэль Малчанус, Дзмітрый Арлоў, Жанна Эпле і Алег Галоўка. Спектакль пакажуць на сцэне салігорскага Палаца культуры 19 сакавіка ў 18:30.

Барысаўскі раён

Легенду французскага тэатра мінулага стагоддзя, камедыю «Боінг-Боінг-Боінг», пакажуць у Барысаве. Спектакль паводле п’есы Марка Камалеці ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса — пастаўлены ў 60 краінах свету, дасягнуўшы больш за 18 тысяч сусветных выступленняў. «Боінг-Боінг-Боінг» — камедыя пра раман маладога парыжскага лавеласа з трыма сцюардэсамі. Выбранніцы лятаюць на розных авіялініях, і гэта змушае вынаходлівага жаніха падладжваць сваё жыццё пад расклад «прылёту-адлёту» ўсіх «нявест». Непаразуменні, якія непазбежна ўзнікаюць, прыводзяць да кур’ёзаў. Галоўныя ролі выконваюць акцёры мінскага Альфа-тэатра. Убачыць самую тэатральную французскую п’есу ў свеце можна 16 сакавіка ў 19:00 у Палацы культуры Барысава. Рэжысёр-пастаноўшчык — Генадзь Мушперт.

Слуцкі раён

Праблемы разводаў і адносін паміж людзьмі з тонкім гумарам закрануты ў камедыі «Тры плюс кот». Ці варта спрабаваць прыкруціць да стала ножку, якая адвалілася, рэанімаваць тое, што памерла, альбо лепш адправіцца на пошукі новага кахання? Спектакль пра важнасць традыцыйных сямейных каштоўнасцей пакажуць папулярныя артысты мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра — заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Цімошкін, Вера Палякова, Алеся Пухавая, Арцём Давідовіч. Пастаноўка паводле п’есы Яўгена Шастакова пачнецца 19 сакавіка ў 18:30 у Доме культуры Слуцка. Рэжысёр — Дзяніс Паршын, мастак-пастаноўшчык — Юрый Саламонаў (галоўны мастак Тэатра беларускай драматургіі).

Алена Пашкевіч

Фота: Паўла Арлоўскага, БЕЛТА, culture.ru, alpha-concert.by, embassybel.ru, mgazeta.by, berezinolib.ucoz.net

4 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте