Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Жыхар Салiгорску збiраецца iлюстраваць творы Уладзіміра Караткевіча

«Чорна-белая вясна» — так называецца выстава, якая нядаўна адкрылася ў Палацы культуры Салігорска. На ёй прадстаўлены шэраг графічных работ супрацоўніка ўчастка паліграфічных паслуг інфармацыйна-вылічальнага  цэнтра ААТ «Будтрэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі» Андрэя Маісеенкі. Што і гаварыць, ужо сама назва сведчыць — «змест» выставы незвычайны.

З Андрэем мы даўнія знаёмцы. Да яго — аднаго з лепшых фатографаў сталіцы беларускіх шахцёраў, майстра гарадскіх і прамысловых пейзажаў (каб пераканацца ў тым, дастаткова пабываць у офісе будтрэста, дзе ледзь не на кожным паверсе на сценах змешчаны цудоўныя здымкі, зробленыя хлопцам) — часцяком звяртаўся, калі мне патрэбны былі фатаграфіі да матэрыялаў пра ААТ. У тым Маісеенка ніколі не адмаўляў.

Пра тое, што Андрэй яшчэ і таленавіты графік, са здзіўленнем даведаўся ў 2016-м. Тады хлопец стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». На гэты конкурс Маісеенка прадставіў некалькі ўласных ілюстрацый да рамана Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Свае работы салігарчанін прысвяціў 85-годдзю з дня нараджэння славутага айчыннага пісьменніка.

Тая чорна-белая графіка надзвычай мяне ўразіла. І выбранымі сюжэтамі, і самой тэхнікай выканання, і майстэствам, з якім была прамалявана кожная дэталь. Да таго ж, Андрэй вельмі дакладна перадаў таямнічую і крыху містычную атмасферу згаданага твора. Ілюстрацыі прыцягвалі погляд, абуджалі ва ўляўленні нейкія трывожныя вобразы…

— Да творчасці Уладзіміра Караткевіча я неабыякавы з дзяцінства, — дзяліўся хлопец, адказваючы на нашы пытанні. — Але, на маю думку, яго кнігі мала ілюстраваны, мала асэнсаваны мастакамі. А шкада, бо Караткевіч — адзін з заснавальнікаў беларускай гістарычнай раманістыкі, беларускага авантурнага рамана. У мяне даўно была ідэя выправіць тую несправядлівасць і зрабіць ілюстрацыі па матывах любімых кніг гэтага пісьменніка.

Тады ж зноў жа са здзіўленнем даведаўся, што Маісеенка — дыпламаваны мастак. У 2003-м ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «мастак, майстар-выкладчык дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва». А таксама пра тое, што мой знаёмы двойчы быў стыпендыятам фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, што сёе-тое з ранняй графікі хлопца (а «спецыялізавацца» на ёй Андрэй пачаў яшчэ падчас вучобы ў каледжы) трапіла ў калекцыю пасольства нашай рэспублікі ў Вялікабрытаніі, дэманстравалася на выставах у Хагене і Дрэздэне (Германія).

У тым жа 2003-м Маісеенка прыехаў у Салігорск: хлопца размеркавалі на працу ў будтрэст № 3. У тую пару многія прадпрыемствы краіны ўключалі ў свой штат дызайнераў, і «тройка», якую ўзначальваў Мікалай Ашэйчык — чалавек прагны да ўсяго новага і карыснага, не стала выключэннем. Андрэй узяўся за афармленне пашпартаў аб’ектаў, што ўзводзіла ААТ ледзь не па ўсёй краіне, нагляднай агітацыі, стэндаў, Дошкі гонару, сцэны ведамаснага Дома культуры «Будаўнік». За распрацоўку і друк шматлікіх запрашальных паштовак, памятных адрасаў, буклетаў, карпаратыўных календароў ды іншага.

Акрамя таго, Маісеенка стаў своеасаблівым фоталетапісцам гісторыі будтрэста — здымаў усе значныя падзеі, якія адбываліся тут, усе аб’екты, даручаныя салігорскім будаўнікам, зрабіў даўжэзную галерэю партрэтаў працаўнікоў ААТ. Хлопец таксама «алічбаваў»  увесь багаты фотаархіў «тройкі» — пакінуў для наступных пакаленняў памяць пра здзяйсненні легендарнага будаўнічага прадпрыемства. А яшчэ, скончыўшы спецыяльныя курсы пры БДУ, заняўся вёрсткай карпаратыўнай газеты «Будаўнік Салігорска» (на жаль, яе ўжо няма). І, трэба сказаць, любую справу Андрэй выконваў ды і зараз выконвае з нейкім асаблівым шыкам!

Зрэшты, і графікай займацца Маісеенка не закінуў, хаця на гэта заставалася не так і шмат часу. Бо да клопатаў  па рабоце неўзабаве далучыліся клопаты сямейныя. І ўсё ж, ён маляваў. Праўда, да пары на суд, як кажуць, шырокай грамадскасці свае творы не выносіў. Можа, саромеўся крыху. А пасля абвясцілі той самы конкурс «Новыя імёны Беларусі». З таго і пакацілася!..

Крыху пазней Андрэй стаў пераможцам раённага конкурсу, дзе выбіралі эмблему (іх паступіла, мо, чатыры дзясяткі!) святкавання 60-годдзя сталіцы беларускіх шахцёраў. А ў жніўні 2019-га творы хлопца з серыі «Жывая графіка» былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай Мінскім гаркамам прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Акрамя таго, Маісеенка працягваў выяўленча асэнсоўваць літаратуру: праілюстраваў, напрыклад,  два зборнікі апавяданняў ізраільскага пісьменніка Аляксандра Каца.

І вось зараз персанальная выстава. «Чорна-белая вясна». Так-так, аўтар паспрабаваў толькі гэтымі дзвюма фарбамі перадаць настрой, эмоцыі, пачуцці, перажыванні, а таксама ўражанні ды асацыяцыі, звязаныя з надыходам згаданай пары года. Гэта ўсё  і «зашыфравана» ў дакладных лініях — белым па чорнаму.

— Разумею, што мая творчасць, ды, уласна кажучы, і сама графіка, як від выяўленчага мастацтва, даступна для ўспрымання далёка не кожнаму, — тлумачыў Андрэй падчас прэзентацыі выставы. — Але ў мяне ніколі не было жадання падстройвацца пад агульны «попыт» і рабіць тое, што падабаецца ўсім.

Што ж, творца, зразумела, мае на гэта права. Застаецца пажадаць, каб на тым шляху, які творыць салігорскі мастак, яго суправаджала ўдача.

Сяргей Квiткевiч

Фота: Эдуард Кiдзяеў

1 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте