Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
На крылах да перамогі. Гісторыя лётчыка з Любаншчыны Барыса Рабага

Гэты здымак з фондаў Любанскага музея народнай славы наўрад ці  каго пакіне раўнадушным. Вось яны — пераможцы. Паселі на прыступкі павержанага рэйхстага. Па выразах твараў, па паставах бачна: хлопцы толькі-толькі завяршылі неймаверна цяжкую працу і, задаволеныя яе вынікамі, скарыстоўваюць вольную часіну, каб крыху адпачыць, расслабіцца…

На тым здымку — асабовы склад легендарнага 7-га гвардзейскага «Севастопальскага» ордэна Леніна Чырвонасцяжнага штурмавога авіяцыйнага палка. Ледзь не ў самым цэнтры ўсмешлівы і круглатвары палкоўнік — намеснік камандзіра палка па палітычнай частцы Барыс Еўдакімавіч Рабы. Наш зямляк — ураджэнец вёскі Шыпілавічы Любанскага раёна.

Ён нарадзіўся ў 1911 годзе. І яшчэ падлеткам марыў стаць лётчыкам. Яно і зразумела: у 20-ых гадах мінулага стагоддзя ў Савецкім Саюзе пачало бурна развівацца самалётабудаванне. І прафесія пілота была ахутана гэткім флёрам рамантыкі. У 1931 годзе Барыс Рабы атрымаў позву на службу ў Чырвоную Армію. І тут мара любанчаніна збылася: яго залічылі ў лётную школу. Пасля яе заканчэння — у 1935-м — малады авіятар набіраўся вопыту ў часці, якая ў красавіку 38-га ўвайшла ў сфарміраваны на Харкаўшчыне 4-ты полк бліжнебамбардзіровачнай авіяцыі.

Гэты полк прымаў актыўны ўдзел у савецка-фінляндскай вайне, зрабіў падчас яе амаль паўтары тысячы баявых вылетаў. Не раз тады ўзнімаўся ў паветра, каб граміць варожыя камунікацыі, і Барыс Еўдакімавіч. Яго мужнасць, лётнае майстэрства, някепскія арганізатарскія здольнасці сталі асновай для даволі хуткага руху па службовай лесвіцы: неўзабаве любанчаніна прызначылі камісарам палка.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны згаданае падраздзяленне перайменавалі ў 4-ты штурмавы авіяцыйны полк. Таму, што ён першым у Савецкім Саюзе атрымаў на ўзбраенне новыя штурмавікі Іл-2. Спачатку сямнаццаць, якія даверылі асвойваць лепшым пілотам. А пасля — літаральна за некалькі дзён да нападзення фашысцкай Германіі — яшчэ 48. Натуральна, кіраванне крылатай машынай асвоіў і камісар.

Першыя ўдары па гітлераўскім войскам полк нанёс ужо 27 чэрвеня. Дарэчы, баявыя дзеянні яго пілоты распачалі на беларускай зямлі: яны грамілі немцаў у раёне Бабруйска, Магілёва і Мінска, атакоўвалі варожыя калоны, якія рухаліся па Слуцкай шашы, перашкаджалі пераправе фашыстаў праз Беразіну. Часта на выкананне баявых заданняў вылятаў і Барыс Рабы. Настолькі часта, што камандзіру палка даводзілася нават стрымліваць камісара.

Аднойчы Барыс Еўдакімавіч пайшоў на вымушаную пасадку ля адной беларускай вёскі кіламетраў за сорак ад родных Шыпілавічаў: патрапаны ў баю Іл-2 сеў на бульбяное поле. Пілота, прыняўшы за нямецкага дыверсанта, якіх тады ў мностве закідвалі ў савецкі тыл, узялі «у палон» вельмі пільныя мясцовыя жыхары, зачынілі ў свіран ды ўзялі пад варту. Рабаму не паверылі нават тады, калі ён загаварыў на беларускай мове, стаў прыгадваць назвы навакольных населеных пунктаў.

Выручыў камісара тэхнік палка, які пад’ехаў неўзабаве, шукаючы самалёты, што гэтак жа былі вымушаны прызямліцца па-за аэрадромам. Тое ж мясцовае насельніцтва дапамагло выпхнуць Іл-2 з бульбянога поля на прасёлкавую дарогу, крыху падрамантаваць. З той дарогі Барыс Еўдакімавіч і ўзляцеў, каб вярнуцца ў полк.

Зрэшты, далёка не ўсім так шанцавала. За першыя тры дні баёў полк страціў два дзясяткі лётчыкаў. Яно і зразумела: сам самалёт яшчэ не стаў па-сапраўднаму тым пакрытым неўміручай славай «лятаючым танкам», што наводзіў жах на фашысцкіх ваякаў. Гэта была аднамесная машына, якой не было чым абараняцца, калі варожыя знішчальнікі, зграі якіх панавалі ў небе, заходзілі ў хвост. Таму часта і станавілася здабычай тых знішчальнікаў (каб адпужваць іх, пілоты часам ззаду кабіны мацавалі звычайную палку – маўляў, ствол кулямёта).

Акрамя таго, немцы прыкрывалі свой пярэдні край шчыльным зянітным агнём. Ну і, канешне, самі лётчыкі яшчэ не дасканала валодалі новымі штурмавікамі. Адсюль і страты. Аднак полк змагаўся па-геройску. Гэта ацанілі: 4 кастрычніка 1941 года падраздзяленне ўзнагародзілі ордэнам Леніна. Такую ж высокую дзяржаўную ўзнагароду атрымаў тады і Барыс Рабы (у той час, дарэчы, камандзір 4-га ШАП Сямён Гецьман стаў Героем Савецкага Саюза).

З верасня 41-га па ліпень 42-га полк, папоўніўшыся людзьмі і самалётамі (тэхнікі падраздзялення дапамагалі збіраць іх у завадскіх цэхах, чым заслужылі пахвалу самога Сяргея Ільюшына), ваяваў на Данбасе. І зноў камісар нароўні з іншымі лётчыкамі лётаў на штурмоўку варожых пазіцый. У тым ліку — умацаванняў вермахта на заходнім беразе ракі Міус (той самы знакаміты «Міус-фронт»). І зноў 4-ты ШАП дзейнічаў надзвычай вынікова, бо ў сакавіку 42-га яго перайменавалі ў 7-мы гвардзейскі штурмавы авіяцыйны полк.

Пасля быў Паўночна-Каўказскі фронт, потым Закаўказскі. З 1943 года полк зноў ваяваў у складзе войскаў Паўночна-Каўказскага фронту, прымаў удзел у Керчынска-Эльтыгенскай дэсантнай аперацыі. Вясной 44-га «сямёрка» падтрымлівала часці Прыморскай арміі, якая вызваляла Крым. І тут полк граміў гітлераўцаў, як і належыць гвардзейцам — дзёрзка, напорыста, вынікоўна. Не здарма ж у маі яму прысвоілі ганаровае найменне «Севастопальскі».

А ў красавіку 44-га Барыса Еўдакімавіча (на той час намесніка камандзіра палка па палітычнай частцы) прадставілі да ўзнагароджвання ордэнам Айчыннай вайны першай ступені. «Сваёй паўсядзённай работай тав. Рабы выключную ўвагу ўдзяляе пытанням выхавання лётчыкаў, тэхнікаў-механікаў у духу бязмежнай адданасці Сацыялістычнай Радзіме, пастаянна клапоцячыся пра павышэнне іх ідэйна-палітычнага ўзроню. За час яго работы ў шэрагі партыі з ліку лепшых лётчыкаў, механікаў, праявіўшых сябе ў баях з нямецкімі захопнікамі, было прынята да 150 чалавек. Асабіста сам тав. Рабы зрабіў 19 баявых вылетаў на самалёце Іл-2», — так пісалася ва ўзнагародным лісце.

Летам 1944 года полк уключылі ў склад 2-га Беларускага фронту: штурмавікам загадалі падтрымліваць наземныя часці падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён». На світанні за пару гадзін да пачатку наступлення пілоты выстраіліся ля каманднага пункта. Строй замер, калі вынеслі гвардзейскі сцяг. Ён потым увесь дзень стаяў на прыгорку – каб усе бачылі.

— Гэты сцяг пабарваваны крывёю нашых баявых таварышаў, змагаўшыхся ў тутэйшых мясцінах яшчэ ў першыя месяцы вайны, — сказаў Барыс Еўдакімавіч на кароткім мітынгу, пэўна, з асаблівым хваляваннем. — Цяпер у шэрагу гвардзейцаў стаіць іх дастойная змена. На нашу долю выпаў гонар разбіць гітлераўскіх акупантаў на беларускай зямлі, а пасля знішчыць у самім фашысцкім логаве. Наперад, да перамогі!

І зноў у маршрутных заданнях з’явіліся тыя ж назвы – Беразіна, Мінск, Бабруйск… І ўжо ніякая сіла не магла ўтрымаць нампаліта на КП. Усяго пры вазваленні Беларусі, а затым і Польшчы, Барыс Рабы зрабіў 23 паспяховыя баявыя вылеты, у выніку якіх збіў варожага бамбардзіроўшчыка Ю-87, знішчыў два танкі, 21 аўтамашыну, разбурыў у двух месцах чыгуначныя камунікацыі, разбіў пяць чыгуначных вагонаў з тэхнікай і жывой сілай праціўніка, узарваў склад з боепрыпасамі, падавіў агонь дзвюх нямецкіх супрацьтанкавых батарэй і адной зенітнай батарэі (тады Іл-2 нампаліта прамым пападаннем пашкодзіла так, што ён ледзь дацягнуў да сваёй тэрыторыі). Адважнай і майстэрскай штурмоўкай забіў да сотні гітлераўскіх салдат і афіцэраў. За гэтыя і многія іншыя дзеянні Барыс Еўдакімавіч быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга.

Чырвонасцяжным, дарэчы, стаў і сам 7-мы ГШАП.

Потым полк удзельнічаў у Беластокскай, Усходне-Прускай, Млаўска-Эльбінгскай аперацыях. І заўсёды нампаліт уласным прыкладам зваў падначаленых у бой. Гэтак жа бясстрашна і мужна. Ужо ў чэрвені 45-га Барыса Рабага ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені (ва ўзнагародным лісце адзначалася, што за час баявых дзеянняў звыш трохсот авіятараў і тэхнікаў-механікаў 7-га ГШАП атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды: вось, маўляў, які цудоўны вынік работы намесніка камандзіра палка па палітчастцы). На той час на грудзях любанчаніна ўжо цясніліся медалі «За баявыя заслугі», «За абарону Каўказа», «За ўзяцце Кенігсберга» і іншыя.

Дарэчы, брат Барыса Еўдакімавіча Аляксей у свой час зноў жа скончыў лётную школу і ваяваў на пасадзе нампаліта авіяцыйнага палка. Яны толькі раз пабачыліся за гады Вялікай Айчыннай…

Перамогу гвардзейцы сустрэлі пад Берлінам. Дзеля таго памятнага здымка  ўсіх (ну, бадай, хто змог) прывезлі ў логава гітлерызма на аўтамашынах. І гэта, як здаецца, таксама была ініцыятыва намесніка камандзіра «сямёркі» па палітчастцы. Так сказаць: на доўгую памяць. І тым, хто непасрэдна ламаў хрыбет фашысцкаму зверу, і нам — іх нашчадкам.

Пасля вайны 7-мы гвардзейскі «Севастопальскі» ордэна Леніна Чырвонасцяжны штурмавы авіяцыйны полк расфарміравалі. Барыс жа Рабы працягваў службу да 1953 года. На вялікі жаль, звестак пра тое, як склалася жыццё земляка ў мірны час, у Любанскім музеі народнай славы няма. І мы будзем вельмі рады і ўдзячны, калі хто такімі звесткамі падзеліцца.

Сяргей Квіткевіч

Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы.

0 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте