Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Анестэзіёлаг з Беразіно: «Як можна не спачуваць чалавеку, які трапляе да нас з траўмамі»

Нядаўна ва ўрачыстай абстаноўцы ў Мінску ўрачу-анестэзіёлагу-рэаніматолагу аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Бярэзінскай ЦРБ Сяргею Салаўёву ўручылі знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь». У гэты ж дзень у Сяргея Аляксандравіча быў і дзень нараджэння.

— Атрымалася двайное свята, — заўважае Сяргей Аляксандравіч. — Якія пачуцці перапаўнялі, калі даведаўся, што мяне ўзнагародзяць?! Радасць і адначасова трывога. Не люблю гэтай публічнасці! А яшчэ такая значная ўзнагарода — гэта вялікая адказнасць, значыць, неабходна ёй адпавядаць. Увогуле, заўсёды імкнуся рабіць усё магчымае, каб дапамагчы нашым пацыентам. Іншы раз, кажуць, што медыцынскія работнікі не спачуваюць пацыентам. Гэта далёка не так. Мы, магчыма не паказваем эмоцыі. Але, як можна не спачуваць, калі да нас паступае малады чалавек, наш зямляк з траўмамі пазваночніка альбо іншымі цяжкімі траўмамі?!

…Сяргей Салаўёў у 1989 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, лячэбны факультэт. І прыступіў да работы ў роднай Бярэзінскай ЦРБ.

— Тады яшчэ ў нас не было рэанімацыйнага аддзялення, — пачынае гутарку Сяргей Аляксандравіч. — Працаваў дзесьці год урачом-тэрапеўтам у тэрапеўтычным аддзяленні. Затым, калі арганізавалі рэанімацыйнае аддзяленне, прайшоў спецыяльныя курсы на базе абласной бальніцы. І вось ужо больш за 30 гадоў — урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг. Памятаю, калі пачынаў, адчуваўся недахоп кадраў. І іншы раз прыходзілася нават аднаму шчыраваць у рэанімацыі доўгі час. А зараз у аддзяленні — 6 урачоў. Бясспрэчна, у нас свая спецыфіка работы, свой графік.

— З чаго пачынаецца мой працоўны дзень? — працягвае доктар. — Да прыкладу, прымаю змену, калі сітуацыя стабільная ў аддзяленні, праводзім абход пацыентаў, робім назначэнні. Калі заступаем на працу, псіхалагічна настройваем сябе, што ў любы момант могуць выклікаць у любое аддзяленне, часцей за ўсё ў прыёмны пакой. І нам неабходна быць гатовымі аказаць дапамогу. У складаных сітуацыях праводзім з урачамі кансіліум, раімся, якое лячэнне лепш прызначыць.

Цікаўлюся, як змянілася работа Сяргея Аляксандравіча, калі ў райбальніцы функцыянаваў шпіталь.

— У нас былі створаны дзве рэанімацыі: «чырвоная» і «зялёная», — дадае доктар. — Я больш працаваў у «зялёнай» зоне, але былі дзяжурствы і ў «чырвонай». Шчыравалі ў сродках індывідуальнай аховы. Час быў, сапраўды, складаным. Работы шмат. Але мы справіліся.

Бачна, што Сяргей Салаўёў любіць сваю справу і дасканала валодае ёю.

— Медыцына не стаіць на месцы. Таму мы вучымся ўвесь час. Рэгулярна ездзім на курсы ў інстытут паслядыпломнай адукацыі. Асвойваем новае абсталяванне, можам праводзіць розныя лабараторныя даследаванні, ёсць неабходныя медыкаменты. А хваробы? Здаецца, тыя ж самыя. Але працуючы ў рэанімацыі, нельга прадказаць, якім будзе дзяжурства. Здаецца, усё ціха. А затым… Памятаю, як прывезлі чатырох чалавек, цэлую сям’ю. Яны атруціліся грыбамі. Аказвалі ім дапамогу амаль цэлыя суткі… Увогуле, хочацца параіць, каб бярэзінцы беражліва ставіліся да сваіх здароўя і жыцця. Бо нават адно імгненне можа дорага каштаваць. Да прыкладу, бабуля распальвае печ, апошняя не гарыць. Жанчына лье ў печ бензін, ён разліваецца, загараецца адзенне — рэанімацыя… Ці матуля заварыла каву, паставіла на стол, немаўля разліло яе — рэанімацыя… І такіх сумных выпадкаў з жыцця — бясконцае мноства.

Так, у медыцынскіх работнікаў складаная, напружаная і фізічна, і эмацыянальна праца. Таму неабходна адпачываць, як кажуць, «пераключацца». Сяргей Аляксандравіч за здаровы лад жыцця. Ён па тры-чатыры разы на тыдзень ходзіць у басейн, займаецца плаваннем.

— Ужо не магу без басейна. Паплаваю — адчуваю сябе значна лягчэй. Апошнім часам вельмі падабаецца займацца садам і агародам, — заўважае Сяргей Салаўёў. — Цікава вырошчваць памідоры, самому прывіваць саджанцы яблыні, грушы. Зараз спрабую разводзіць вінаград.

А яшчэ адно з захапленняў Сяргея Аляксандравіча — кнігі. Ды абавязкова папяровыя, а не з экрана камп’ютара альбо іншых гаджэтаў.

— Што чытаю? Падабаецца паэзія. Імкнуся чытаць і сучасную літаратуру. Апошнім часам перачытваю Дастаеўскага. Здаецца, праходзілі ў школе, але зараз адкрываю гэтага пісьменніка для сябе па-новаму. Хацелася б, бясспрэчна, і больш чытаць, але часу іншы раз не хапае. Але я шчаслівы чалавек, бо ў мяне ёсць любімая сям’я, справа, якая прыносіць задавальненне, і любімыя заняткі.

Юлія Букель

Фота аўтара

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте