Лента Новостей
Последние новости
Происшествия
Мнение и спорт
Самое читаемое

Да працы прывучаліся з дзяцінства - гiсторыя дынастыi клецкiх хлебаробаў

Фото: Кацярына Сiвадзедава

Дынастыя Хомічаў пачыналася ад Івана Міхайлавіча. Ён - дзіця вайны, нарадзіўся ў 1941 годзе. Рана пайшоў працаваць, там жа  сустрэў будучую жонку Марыю і ўжо разам з ёю пераехаў у Шчэпічы.  Тады Іван Міхайлавіч і ўявіць не мог, што пакладзе пачатак  сямейнай традыцыі.

- Яны ж самі выбіралі сабе прафесію, - распавядае Іван Міхайлавіч. Зараз яму ўжо амаль 80 год. - Хто ж ведаў, што яны тут застануцца?

- Мы ведалі, - адказвае дачка Таццяна. - Раней жа як было? Вучышся там, дзе блізенька. Амаль усе браты паступалі ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Клецку. І на працу ішлі ў тую гаспадарку, што побач з бацькавай хатай, каб быць разам з  сям'ёй.

У Шчэпічах Іван Міхайлавіч працаваў на трактары ды на камбайне. Як пачыналася жніво, прападаў у полі з раніцы і да позняй ночы. Нават астму нажыў, бо ў старых машынах не было аніякіх кандыцыянераў. Ва ўспамінах дзяцей дагэтуль засталося - бацька вяртаўся дадому з чорным, як вугаль, тварам,  толькі вочы відаць.

Іван Міхайлавіч падчас працы: быццам сапраўдны кадр кінахронікі

Івана Міхайлавіча часта заносілі  на Дошку гонару. За некалькі дзясяткаў год работы ён атрымаў нямала падзяк і ўзнагарод, якія зараз захоўваюцца ў сямейнай хаце ў Шчэпічах. Сярод іх ёсць і граматы старэйшага сына Сяргея. Ён працуе ў гаспадарцы ўжо амаль 30 год. У дзяцінстве Сяргей, як і іншыя браты, працаваў на полі разам з татам. І часцей за ўсё менавіта гэтая сумесная работа скіроўвала малодшых Хомічаў на выбар прафесіі - калі не камбайнера, дык вельмі блізкай. Напрыклад, Міхаіл Іванавіч стаў вадзіцелем аўтобуса. А сын Аляксандр спачатку быў памочнікам Івана Міхайлавіча, потым сам сеў за руль камбайна. Але зараз працуе жывёлаводам. У вольны  час ходзіць у лес па грыбы, суніцы, на  рыбалку.

Да працы малодшых Хомічаў прывучалі з дзяцінства. Пакуль бацькі былі ў полі, дзеці  глядзелі жывёлу: кароў, авечак, свіней. Але ж дзяцінства ёсць дзяцінства... Только вось адпрасіцца пагуляць у бацькоў было надта складана.

- Іншы раз мы чакалі, пакуль яны пойдуць на працу, і беглі гуляць, - успамінае Таццяна. - На нашай вуліцы дзяцей было многа. Гулялі ў валейбол, у футбол. А працаваць жа ў хаце таксама трэба! Таму не забывалі своечасова вярнуцца дадому, усё прыбраць, ежу прыгатаваць. Стараліся вельмі, бо тата наш быў такім гаспадаром, які хоць і ведае, што мы ўсё зрабілі, але ж усё роўна сходзіць ды  праверыць...

Аляксандр працуе ў гаспадарцы разам з жонкай Ліляй і пры неабходнасці дапамагае ёй

Дом у Шчэпічах Хомічам далі як шматдзетнай сям'і - праўда, усё ж прыйшлося яго чакаць, а потым і дабудоўваць. Спачатку планавалася толькі зрабіць памяшканне для каня. А потым пачалося: адзін хлеў, другі, гараж, лазня½  Іван Міхайлавіч усё рабіў сам. Будаўніцтву ён нідзе спецыяльна не вучыўся, проста глядзеў ды паўтараў за старэйшымі.

Вялікі пакой, дзе стаіць печ і вісяць сямейныя партрэты, памятае і вяселлі, і праводзіны. Зараз бацькоўская хата пустуе. Іван Міхайлавіч з-за стану здароўя пераехаў да дзяцей, якія, калі выраслі і пасталелі, набылі сваё жытло. Але ж Хомічы даглядаюць і хату, і агарод, і як збяруць свой ураджай, прыедуць на бацькаў падворак.

На пытанне, ці складана жыць у такой вялікай сям'і, Хомічы адказваюць з усмешкай:

- Калі расцеш з некалькімі братамі ды сёстрамі, разумееш, што цябе ніколі не пакінуць у бядзе. Заўсёды знойдзецца той, хто дапаможа. І гэта важней за ўсё.

Кацярына Сiвадзедава

Фото: архiв герояў

Mlyn.by © 2012 - 2020 Все права защищены.
Яндекс.Метрика