Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Афиша, Регион
Мюзікл у Маладзечне і Каляда на дубе на Бярэзіншчыне. Афіша Міншчыны

Пасадзіць «Каляду» на дуб у Бярэзінскім раёне і наведаць рэгіянальны фестываль «Калядкі без аглядкі» на Любаншчыне. Што яшчэ паглядзець і ў чым паўдзельнічаць на Міншчыне.

Маладзечанскі раён

Беларускі дзяржаўны музычны акадэмічны тэатр зноў у Маладзечне. У Палацы культуры 21 студзеня пакажуць мюзікл «Шалом Алейхем! Мір вам, людзі!». Спектакль створаны паводле матываў «Тэўе-малочніка» Шолам-Алейхема і п’есы Рыгора Горына «Памінальная малітва». Дзеянне адбываецца ў дарэвалюцыйнай Расіі ў мястэчку Анатоўка, дзе з даўніх часоў жылі рускія, украінцы і яўрэі. Жылі разам, працавалі разам, толькі паміраць хадзілі кожны на свае могілкі. Такі звычай. А яшчэ ў вёсцы жылі Матэле-кравец, Федзька-пісарчук і малочнік Тэўе. І было ў апошняга пяць дочак ды надзея добра выдаць іх замуж і вырвацца з галечы…

Рэжысёр-пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Міхаіл Кавальчык. Кампазітар — Алег Хадоска. Пачатак мерапрыемства ў 19:00.

Бярэзінскі раён

Зімовы каляндар беларусаў багаты на самабытныя звычаі і традыцыі, якія, згодна са старадаўнімі павер’ямі, дапамагалі ўміласцівіць багоў і атрымаць багаты ўраджай. Завершыць чараду калядных гулянняў на Міншчыне народны абрад «Цягнуць Каляду на дуба», які традыцыйна правядуць 21 студзеня ў вёсцы Новіны. У 10:00 вясёлая працэсія накіруецца да высокага дрэва, на якое ўдзельнікі будуць вешаць або садзіць Каляду. Гэта каларытная, прыгожая традыцыя — этнічная асаблівасць краю, якая на працягу стагоддзяў была распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна. Жыхары Новін аднавілі святкаванне ў 1998 годзе, а ў 2011-м старадаўні абрад папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Салігорскі раён

Палац культуры Салігорска запрашае 18 студзеня ў 17:00 на вечар адпачынку клуба «Нам рана жыць успамінамі». На мерапрыемстве чакаюць жыхароў горада і раёна, якім за 40 гадоў.

Чэрвеньскі раён

Напярэдадні Хрышчэння Гасподня 18 студзеня на Натальеўскім вадасховішчы ў Чэрвені адбудзецца хрысціянскі абрад Вялікага асвячэння вады. Духавенства чэрвеньскага благачыння, праваслаўныя вернікі збяруцца на беразе вадаёма ў 18:00.

Крупскі раён

Выстава «Лікі святых» мастачкі з Маладзечна Ядзвігі Сянько да канца студзеня працуе ў Крупскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Па блаславенні мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Ядзвіга робіць спісы з усіх вядомых у праваслаўным свеце ікон. Яна аўтар больш як дзвюх тысяч абразоў і карцін на біблейскія тэмы. Сярод яе твораў ёсць таксама і каталіцкія абразы. Работы майстра іконнага жывапісу можна сустрэць у шматлікіх храмах Беларусі і за яе межамі, а таксама ў некаторых музеях краіны. Карціны мастачкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Германіі, Італіі, Англіі і ЗША, Украіны, Польшчы, Расіі, краінах Балтыі. Свае дзіўныя па прыгажосці іконы мастачка піша алеем на палатне, з залачэннем, а пасля пакрывае лакам.

17 студзеня ў Крупскай дзіцячай школе мастацтваў пройдзе канцэрт «Зімовы карагод». У выкананні навучэнцаў школы прагучаць творы класічнай музыкі, сучасных кампазітараў, а таксама эстрадныя творы.

Барысаўскі раён

Фота iлюстратыўнае

Удзельнікі XII арт-сесіі юных мастакоў школ мастацтваў Мінскай вобласці дэманструюць работы на выставе ў мастацкай галерэі «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. На ўдзел у арт-сесіі паступіла каля 400 лепшых работ маладых аўтараў з 27 школ. Кампетэнтнае журы адзначыла дыпломамі 134 работы. У конкурсе вылучаны намінацыі па малюнку, жывапісу, кампазіцыі, дызайну, графіцы і кераміцы. Экспазіцыя працуе да 23 лютага.

Любанскі раён

Рэгіянальны фестываль «Калядкі без аглядкі» ўпершыню стартуе 19 студзеня на Любаншчыне. У фэсце ўдзельнічаюць калектывы з Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. На правах гаспадара выступіць фальклорны гурт «Напарачка» Любанскага раённага цэнтра культуры.

Слуцкі раён

У музеі этнаграфіі Слуцка адкрылася выстава «Калядная зорка». На ёй шырока прадстаўлены ў розных жанрах дэкаратыўна-прыкладныя работы навучэнцаў Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Вырабы прысвечаны Калядам і Новаму году. Маштабная экспазіцыя пераканаўча дэманструе навыкі юных прыхільнікаў мастацтва ў тэхніцы саломапляцення, вязанні кручком, кераміцы, захапляе сваёй скрупулёзнасцю, прыгажосцю роспіс па дрэве, а таксама па тканіне і шклу. Наведаць выставу жыхары горада і турысты змогуць да 25 студзеня.

Алена Пашкевіч

Фота: Святлана Курэйчык, БЕЛТА, musicaltheatre.by, borisoveparhia.by, museum.by, ВК Ядвига Сенько

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте