Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Люди, Регион
Мастак Сяргей Давідовіч: «Натхненне жыве ў Карпілаўцы»

У мінулым міліцыянер і афіцэр, а зараз грамадскі дзеяч, паэт і пісьменнік, мастак і скульптар, Ганаровы грамадзянін горада Лагойска і Мінскай вобласці. Гэта ўсё пра Сяргея Давідовіча. Пра жыццё, творчасць і пра тое, чаму над 13-м томам сваіх здабыткаў ён працуе ў маленькай вёсачцы і ні кропелькі не шкадуе пра гэта, ён распавёў карэспандэнту МЛЫН.BY.

— З вясной вас, з маем, з Перамогай, Сяргей Фёдаравіч!

— Дзякуй вялікі! Я ж сам дзіця вайны: «пахадзіў», праўда, па ёй на руках у мамы. Ды не проста, а быў нават у штабе партызанскага руху на возеры Палік. Вось туды мама адступіла са мной і яшчэ з чатырма малымі дзецьмі. Я вельмі добра памятаю пасляваенных людзей, сам у калгас хадзіў з 14–15 гадоў. Бедната якая была ў 1950-я, з хлебам праблемы… Але ж якія ў нашай Карпілаўцы жылі людзі! Хоць і малапісьменныя, але вельмі шчырыя. Я больш выхоўваўся на годнасці і сумленнасці бацькоў, нашых аднавяскоўцаў, суседзяў, бо тады яшчэ не зусім разумеў веліч Купалы, Коласа, Багдановіча і іншых творцаў беларускіх. Чытаў, ведаў, але толькі сёння адчуваю, што гэта за глыбы. А вось менавіта тыя людзі — калгасныя, простыя — яны далі мне вельмі шмат, і я ім удзячны за іх шчырасць, непісьменную, але такую народную і глыбокую мудрасць. Хоць і жыву ў Мінску, лічу сябе чалавекам вясковым. Мяне хвалюе мясцовы побыт, падабаюцца вельмі людзі. Асабліва сталага веку. Яны такія цікавыя, духоўна багатыя, не зайздрослівыя, гумарныя,  нягледзячы на тое, што жывецца ім не так ужо і проста. Ніколі ім лёгка не было. Асабліва ў ваенныя і пасляваенныя гады. Таму вясковая тэма — адна з улюбёных для мяне.

— Сёння, напэўна, жыць у вёсцы больш бяспечна, чым у вялікім горадзе. Як карпілаўцы і вы асабіста ставіцеся да каранавіруснай пагрозы?

— Вёска, канешне, не горад. Тут людзей мала, перакрыжавацца амаль няма з кім. Ды й людзі ўжо, ведаеце, асцерагаюцца адзін аднаго. І правільна робяць! Гэтаж адзін Бог ведае, дзе што можа здарыцца. Мы з жонкай вось ужо два тыдні, як з Мінска з’ехалі. Толькі раз у месяц у сталіцу наведваемся, каб атрымаць пенсію і купіць нешта. Але ж да нас і ў вёску аўтамагазін ездзіць. Канечне, адчуваем, што не ўсё добра. Ведаеце, непрыемна, што мы дажыліся да такога, што чалавек чалавека засцерагаецца, цураецца. Вось што блага… Але ж не па сваёй віне!

— Спрыяльная ў Карпілаўцы атмасфера для творчасці? Над чым зараз працуеце?

— Зусім нядаўна выйшаў 12-ы том «Паэзія і проза» з маімі творамі. У асноўным я пішу вершы, прозы толькі два тамы. Зараз працую над 13-м выданнем. А што да Карпілаўкі, то гэта вельмі цікавая, слынная вёсачка. Вось як храмы ёсць намоленыя, так і гэта мястэчка. Тут жыў Антон Іванавіч Лявіцкі — знакаміты Ядвігін Ш. Менавіта да яго з суседніх Акопаў прыходзіў маладзенькі Янка Купала са сваім зборнічкам вершаў, і Ядвігін Ш. вельмі паўплываў на яго творчасць. Да яго ў Карпілаўку прыязджаў Максім Багдановіч у свой час, Зоська Верас у яго гасцявала, бываў тут і Уладзіслаў Галубок — першы народны артыст беларускі. Язэп Лёсік недалёка жыў. Тут мне Бог спрыяе, мне тут пішацца. Маё натхненне жыве ў Карпілаўцы.

— А што пра жывапіс скажаце? Вёска таксама натхняе часцей звяртацца да пэндзля і фарбаў?

— Пра жывапіс складана расказваць, гэта трэба бачыць. Але ж я адно ведаю: тое, што нас акружае ў жыцці, тое мяне і цікавіць, а я спрабую адлюстроўваць гэта на палотнах. Зямля лагойская, па сутнасці, дала жыццё, яна мяне акрыліла, зрабіла творчым чалавекам. І вось гэту сваю запазычанасць сваім землякам, радзіме сваёй я цяпер аддаю. Карціны— гэта мой дарунак мясцовым жыхарам, беларусам, гасцям горада. У галерэі больш за сто маіх твораў. Людзі ж жывуць не хлебам адзіным, а ў нас і да хлеба нешта ёсць таксама. А вось такіх духоўных куточкаў, як выставачны комплекс у Лагойску, у Беларусі павінна быць больш. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва вобласці (тады Мінаблвыканкам узначальваў Анатоль Ісачанка) адкрылі гэту галерэю і прыбудавалі новую залу. Цяпер іх пяць. Людзям пасля працы трэба нейкая духоўная прадушына. Вось яны прыходзяць туды з дзеткамі, з сем’ямі. Заходзяць адны людзі, а выходзяць крыху іншыя, лепшыя. Шмат патэтыкі ў карцінах. Гледзячы на іх, можна разважаць нават пра сваё месца ў жыцці і атрымліваць адказы на свае пытанні.

— Ці ёсць у вас якая-небудзь асабліва дарагая вам тэматыка?

— Ніводзін чалавек не можа быць па-за жыццём сваёй краіны, сваёй радзімы, грамадскага жыцця. Яно і падказвае, дарэчы, тэмы. Напрыклад, адна з галоўных тэм у маёй творчасці — Чарнобыльская трагедыя. Гэта наш вечны боль. Я з Чарнобыльскай выставай аб’ездзіў паўсвета. Быў у Злучаных Штатах Амерыкі, праехаў па Еўропе. Мае карціны, можна так сказаць, збіралі грошы для нашых дзяцей, якія пацярпелі ад той катастрофы. За тыя сродкі яны ездзілі на аздараўленне. Гэта адна тэма. Другая — рэлігійная. Рана ці позна, але ўсе мы звернемся да Бога. Таму тэма рэлігіі — гэта духоўнасць, наша аснова. І яна, канешне, мяне хвалюе як веруючага чалавека і проста як грамадзяніна. Наша краіна спартыўная, праз спорт нас сёння ва ўсім свеце ведаюць. Не толькі праз яго, зразумела, але ж і тут мы малайцы. Таму спартыўная тэматыка таксама адлюстравана.У галерэі Лагойска прадстаўлена невялікая частка маіх карцін. Шмат ў мяне дома, многа разышлося па свеце: па музеях, па прыватных калекцыях.

— І гэта пры тым, што ў вас няма спецыяльнай мастацкай адукацыі. Адкуль што бярэцца?

— У хуткім часе мне будзе 78 гадоў, а жывапісам я пачаў займацца ў 50 год, і мне вельмі спадабалася маляваць. Перакананы, што ўсё гэта ідзе ад Бога. Нецікавых людзей няма. Няма няздольных, неталенавітых. У кожнага чалавека прырода-маці ці Бог закладвае нейкае зерне таленту. Галоўнае — яго заўважыць, не даць яму пратухнуць, а дапамагчы прарасці.

— Дзякуй за цікавую размову! Творчасці і здароўя вам, Сяргей Фёдаравіч.

P.S. Размова адбылася па тэлефоне. Фотаздымкі зроблены напярэдадні афіцыйнага адкрыцця пятай залы Выставачнага цэнтра «Мастацкая галерэя імя Сяргея Давідовіча» ў Лагойску.

Алёна Каранеўская

Фота: Святланы Курэйчык

5 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте