Лента Новостей
Последние новости
Происшествия
Мнение и спорт
Самое читаемое

У Нясвіжы з’явілася вуліца імя паэта Уладзіміра Жылкі

У год 120-гадовага юбілею паэта Уладзіміра Жылкі ў Нясвіжы з’явілася вуліца, якая носіць імя песняра. Да жыхароў звярнулася Наталля Плакса, старшыня раённага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, піша nesvizh-news.by.

Усе скарбы, усе свае багацці

І песні ўсе — крывіцкай хаце.

                                                                                                                          У. Жылка.“Тэстамент”

— Шчыра радуемся і ганарымся, што менавіта ў нас, на Нясвіжчыне, першай у краіне (так і трэба!) з’явілася вуліца імя паэта Уладзіміра Жылкі. Да гэтай пары (хоць памёр наш вялікі зямляк у 1933 годзе, а рэабілітаваны быў у 1960) не было ніводнай вуліцы, ніводнай установы культуры ці адукацыі ва ўшанаванне яго імя. А велічыня таленту, вышыня паэзіі, грамадзянская рупнасць паэта дзеля Радзімы несумненна заслугоўвалі таго.

Вось пра гэта і пісалася ад імя сяброў ТБМ у звароце да дэпутатаў Нясвіжскага райсавета. Амаль не было сумнення, што прапанова назваць адну з вуліц імем паэта будзе падтрымана. Рашэннем чарговай сесіі ад 18 верасня так і атрымалася, — гаворыць Наталля.

Нарэшце ў год 120-гадовага юбілею песняра «змагання і красы» ў Нясвіжы, у яго заходняй частцы, запачаткавана вуліца Уладзіміра Жылкі: ужо падведзена электрычнасць, пракладваюцца камунікацыі. А неўзабаве возьмуцца за працу будучыя навасёлы.

— Кароткі лёс выдаўся паэту — няпоўныя 33 гады, хоць меў ён такое “жывучае” прозвішча, аднакаранёва-сугучнае моцным беларускім словам “жыццё”, “жыхар”, “жыла”, “жылісты”, — працягвае Наталля Плакса. — Хай жа цяпер ён прадоўжыцца ў шчаслівых лёсах жыхароў новай нясвіжскай вуліцы. Гэтыя словы да іх:

«Шаноўныя! Вам пашчасціла жыць на вуліцы вялікага патрыёта Бацькаўшчыны. Каб стаць яе паўнавартаснымі жыхарамі, мала прыдумаць мудрагелісты праект, выкласці модную плітку, усталяваць каваную агароджу з гронкамі вінаграду — цікаўцеся творчасцю Жылкі, паклапаціцеся, каб у вашай новай хаце знайшлося месца зборнічку яго вершаў. Шануйце сваё, роднае так, як гэта рабіў паэт, для якога «хата з нізкай страхой была мілей за ўсе палацы», а дарога ў свой край, дадому — самай жаданай».

Mlyn.by © 2012 - 2020 Все права защищены.
Яндекс.Метрика