Лента Новостей
Последние новости
Происшествия
Мнение и спорт
Самое читаемое

Час, калi загартоўвалася сталь. Чым жыла «Мінская праўда» у 1960-я гады

«Фанцікі» пасля грашовай рэформы, візіт Машэрава ў рэдакцыю і нарысы аб будоўлі з перадавой – такім было жыццё газеты 1960-х. 

«Нуль» знir, а цэны выраслi

Грашовая рэформа 1961 года разам з дэнамінацыяй прывяла да змены сталінскіх «парцянак» на хрушчоўскія «фанцікі», як іх спачатку называлі ў народзе з-за памераў
банкнот. Суадносіны наміналу старых купюр да новых былі 10:1. «Мінскай праўдзе» кіраўнікі гаркама і абкама партыі даручылі растлумачыць насельніцтву асноўныя мерапрыемствы рэформы. На старонках газеты публікаваліся артыкулы вядомых беларускіх эканамістаў, а ў насельніцтва, калі меркаваць па іх допісах у рэдакцыю, галоўным пытаннем было: «Як гэта паўплывае на ўзровень заробкаў і цэны ў крамах?» 

Фактычна ж цэны не заўсёды пераводзіліся ў суадносінах 10:1. Чытачы з рэгіёнаў у сваіх лістах цікавіліся, чаму ў Барысаве зеляніна каштуе 5 капеек за пучок, а ў Мінску – 2 капейкі, у Салігорску – 10 капеек. Даводзілася друкаваць адказы на старонках газеты. І амаль паўгода побач з асвятленнем палітычнай сітуацыі ў Гватэмале ў газеце публікаваліся дыскусіі, чытачы выказвалі абурэнне наконт «несацыялістычных і несправядлівых» цэн.

75 капеек – кошт нумара газеты ў 1963 г.

Будаўнiцтва Кургана Славы i вiзiт Машэрава ў рэдакцыю

У снежні 1962 года толькі прызначаны на пасаду другога сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў знаёміўся з Мінскам, куды пераехаў пасля амаль чатырохгадовага кіраўніцтва абкамам партыі ў Брэсце. Як згадваў касманаўт Пётр Клімук, у Брэсцкай вобласці былі задаволены Машэравым, асабліва яго стаўленнем да людзей.

Перад самым Новым годам Пётр Міронавіч разам з таварышамі Я. Камлічэнкам і Н. Аздоевым, якія на той момант таксама працавалі ў ЦК, вырашыў пабываць у галоўных газетах горада і вобласці і асабіста пазнаёміцца з калектывамі. Дзіўная справа, бо звычайна ў такіх выпадках партактыў выклікаў да сябе «на кавёр».

Аб гэтым візіце «Мінская праўда» пісала ў нумары за пятніцу, 21 снежня 1962 года. Другі сакратар ЦК цікавіўся тэмамі снежаньскіх артыкулаў, а таксама лістамі ад працоўных – з якімі праблемамі яны звяртаюцца ў рэдакцыю.

Мінск святкуе 900-годдзе (1967 г.)

Менавіта пры Машэраве былі пабудаваны такія велічныя архітэктурныя помнікі, як Курган Славы і мемарыяльны комплекс «Хатынь». Удзельнік партызанскага руху, Пётр Міронавіч не любіў згадваць ліхалецце, якое стала асабістай трагедыяй у яго жыцці. Але зрабіў усё, каб годна ўшанаваць памяць ахвяр вайны. Зямлю для будучага кургана прывозілі з усіх канцоў Савецкага Саюза, тысячы жыхароў Беларусі выстройваліся ў чэргі, каб пакінуць тут сваю жменю зямлі. Супрацоўнікі «МП» таксама далучыліся да ўсенароднай акцыі, аб гэтым у сваім матэрыяле напісаў Я. Пасметухаў, карэспандэнт «Мінскай праўды» і былы франтавік.

Генплан-1965 І месяц жыцця на будоўлі

Этап пасляваеннай рэканструкцыі Мінска завяршыўся ў пачатку 60-х гадоў. Горад імкліва развіваўся, таму было прынята рашэнне актыўна нарошчваць індустрыяльную базу і  пашыраць межы сталіцы. Паводле статыстычных даных, з 1961 па 1972 г. насельніцтва вырасла ў 2 разы – з 570 тысяч да мільёна жыхароў. У 1965 годзе быў распрацаваны Генплан, згодна з якім горадабудаўнічая база развівалася ва ўзаемасувязі з размяшчэннем прадукцыйных сіл і рассяленнем па тэрыторыі Мінскай прамзоны. 

Настаўніца 24-й мінскай школы К. В. Чарнова праводзіць кансультацыю па рускай мове з вучнямі 5-га класа

У другой палове 60-х пачалі расці новыя мікрараёны, будаўніцтва ішло па ўсіх напрамках. У ліпені 1967 года рэдкалегія газеты ўзяла за аснову цікавы эксперымент – карэспандэнт павінен быў месяц асвятляць жыццё будаўнікоў у розных раёнах сталіцы. Аляксандр Бянкевіч, на той момант адзін з уласных карэспандэнтаў газеты ў Слуцкім раёне, зрабіў серыю рэпартажаў, амаль месяц правёўшы на будаўніцтве новага Мінска. 

Цікавы факт: падчас знаёмства з будаўнікамі Аляксандр убачыў тады яшчэ 16-гадовага Мікіту Бальцэвіча, які дапамагаў свайму бацьку падчас летніх канікулаў. Хлопчыку спадабалася праца журналіста, і ў 1970-х Мікіта нават пэўны час пасля заканчэння вучобы працаваў карэспандэнтам у нашай рэдакцыі.

«Вясенні эцюд» (парк імя Горкага), фотаэцюд на конкурс «Мінскай праўды»

Шахматы па перапісцы

Як ужо адзначалася, у 1950-я гады актыўна праводзіліся шахматныя спаборніцтвы на прызы газеты «Мінская праўда». З намі супрацоўнічалі і дасылалі свае эцюды вядомыя беларускія гросмайстры. Але ў 1960-х мы пайшлі далей. З 1962 года стар тавалі Усебеларускія шахматныя турніры пад патранатам рэдакцыі. Першым чэмпіёнам краіны стаў І. Пазняк. Рэкордная колькасць удзельнікаў была ў 1968 годзе – 873 чалавекі.

200 рублёў – максімальная прэмія за перамогу ў шахматным турніры на прызы газеты (1968 г.)

Спачатку чэмпіён Беларусі па перапісцы, апроч граматы, атрымліваў яшчэ і грашовую прэмію. У 1962–1964 гг. гэта была сума ў 120 рублёў, у 1965–1966 гг. замест узнагароды давалі бясплатную пуцёўку ў адзін з санаторыяў Беларусі. Дарэчы, удзельнічаць у спаборніцтвах маглі жыхары ўсіх узростаў, а таксама цэлыя працоўныя калектывы. Куратарам шахматных працэсаў у газеце быў І. Носікаў, які ў 1965 годзе разам з гросмайстрам Уладзімірам Сайгіным быў камандзіраваны ў Сочы на турнір, прысвечаны памяці Міхаіла Чыгорына – першага расійскага шахматыста, які ўдзельнічаў у барацьбе за шахматную карону супраць чэмпіёна свету Вільгельма Стэйніца ў 1889–1892 гг.

Зміцер Анацка

Автор фото: фото из архива БГАКФФД

Mlyn.by © 2012 - 2020 Все права защищены.
Яндекс.Метрика